Сімволіка дзяржаўнага прадпрыемства “НДІ ТАІ”
Сімволіка дзяржаўнага прадпрыемства “НДІ ТАІ” зацверджана рашэннем Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ад 31.03.2010 № 1 (43) і загадам дырэктара ад 21.04.2010 № 69 “Аб зацвярджэнні афіцыйных геральдычных сімвалаў дзяржаўнага прадпрыемства “НДІ ТАІ”.
ГЕРАЛЬДЫЧНЫ ЗНАК – ЭМБЛЕМА ДЗЯРЖАЎНАГА ПРАДПРЫЕМСТВА “НДІ ТАІ”

Эмблема дзяржаўнага прадпрыемства “НДІ ТАІ” (далей – эмблема) уяўляе сабою васьміпрамянёвую ордэнскую зорку серабрыстага колеру, у цэнтры якой варажскі шчыт сіняга колеру з выемкамі ў верхняй частцы, з аблямоўкай серабрыстага колеру, з заклёпкамі залацістага колеру. У цэнтры шчыта літара “I” серабрыстага колеру, размешчаная на разгорнутай кнізе залацістага колеру. На старонках кнігі грэчаскія літары “Σ” (Сігма) і “Δ” (Дэльта) сіняга колеру. За шчытом факел залацістага колеру з полымем залаціста-чырвонага колеру і дзве стралы-маланкі залацістага колеру. Шчыт абрамлены лаўровым вянком залацістага колеру. У ніжняй частцы шчыта дэвізная стужка чырвонага колеру з аблямоўкай залацістага колеру і надпісам-абрэвіятурай “НДI ТАI” на беларускай мове.
Аснова эмблемы – васьміпрамянёвая ордэнская зорка – элемент афіцыйнай сімволікі Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, заснавальніка НДІ ТАІ. Шчыт у дадзеным кантэксце абазначае абарону інфармацыі. Літара “I” – сімвал інфармацыі, літары “Σ” (Сігма) і “Δ” (Дэльта) падтрымліваюць сімвал і канкрэтызуюць дыяпазон інфармацыі. Кніга атаясамляецца з навукай, на навуковае лідарства ў дадзенай сферы ўказвае факел. Стрэлы – сімвал распаўсюджвання інфармацыі. Лаўровы вянок сімвалізуе бесперапынную гісторыю, традыцыі, навуковую і працоўную славу.
Выява эмблемы размяшчаецца на:
- нагрудным знаку дзяржаўнага прадпрыемства “НДІ ТАІ”;
- сцягу і вымпеле дзяржаўнага прадпрыемства “НДІ ТАІ”;
- грамаце дзяржаўнага прадпрыемства “НДІ ТАІ”;
- памятным значку дзяржаўнага прадпрыемства “НДІ ТАІ”;
- друкаванай прадукцыі, кіна-, відэа- і фотаматэрыялах, якія выпускаюцца па заказе дзяржаўнага прадпрыемства “НДІ ТАІ”;
- рэкламна-інфармацыйнай і сувенірнай прадукцыі, што вырабляецца па заказе дзяржаўнага прадпрыемства “НДІ ТАІ”.
СЦЯГ ДЗЯРЖАЎНАГА ПРАДПРЫЕМСТВА “НДІ ТАІ”

Сцяг уяўляе сабою прамавугольнае палотнішча з суадносінамі даўжынь бакоў 1:2, сіняга колеру, у цэнтры пярэдняга і адваротнага боку якога размешчана эмблема НДІ ТАІ. У ніжняй частцы палатна надпіс “НАВУКОВА-ДАСЛЕДЧЫ IНСТЫТУТ ТЭХНIЧНАЙ АБАРОНЫ IНФАРМАЦЫI”. Аснова сцяга – эмблема НДІ ТАІ.
НАГРУДНЫ ЗНАК “ЗА ДАСЯГНЕННI Ў НАВУКОВА-ТЭХНIЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦI” ДЗЯРЖАЎНАГА ПРАДПРЫЕМСТВА “НДІ ТАІ”

Нагрудны знак “ЗА ДАСЯГНЕННI Ў НАВУКОВА-ТЭХНІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦI” дзяржаўнага прадпрыемства “НДІ ТАІ” ўяўляе сабою эмблему дзяржаўнага прадпрыемства “НДІ ТАІ”. На адваротным баку знака надпіс: “ЗА ДАСЯГНЕННI Ў НАВУКОВА-ТЭХНІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦI” серабрыстага колеру. Ніжэй за надпіс размяшчаецца ўліковы нумар знака. Знак мацуецца на калодцы блакітнага колеру пры дапамозе вушка. Аснова нагруднага знака – васьміпрамянёвая ордэнская зорка.
ПАСВЕДЧАННЕ АБ ДЗЯРЖАЎНАЙ РЭГІСТРАЦЫІ АФІЦЫЙНАГА ГЕРАЛЬДЫЧНАГА СІМВАЛА
